Назіраю як раскручваецца спіраль нянавісці. Адна з мэтаў Крамля - замазаць беларусаў у гэтай агіднай вайне і пасварыць з цывілізаваным светам. Пасеяць нянавісць і да беларусаў у тым ліку па прынцыпе "патануць дык не адным".
Таму пару простых фактаў:
Першая іншаземная рота ва Ўкраіне складаецца з беларусаў.
Ніхто дакладна не лічыў колькі цяпер беларусаў у шэрагах ВСУ, дабраахвотніцкіх атрадах і тэрытарыяльнай абароне, але думаю, што шмат.
За паўтары гады з Беларусі зрабілі концлагер, але нават у концлагеры арыштавалі яшчэ 800 чалавек за пратэсты супраць вайны, а колькасць пратэстоўцаў была ў некалькі дзясяткаў тысяч.
У Беларусі паўстае партызанскі рух з мэтай запаволіць ці спыніць перасоўванне расейскай тэхнікі.
У Беларусі некалькі тысяч людзей сядзіць за тое, што рабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць гэтага тэрору.
Беларусаў у іх змаганні падтрымлівалі толькі "заклапочаннасцю" і "моцнай заклапочаннасцю".
У беларусаў няма войска, таму 1,5 гады яны змагаліся, чым маглі. Змагаюцца і цяпер.
Беларуская тэрыторыя акупаваная расейскім войскам.
Не вядзіцеся на прапаганду і не ганьбіце сваіх жа. Мэта ў нас адна.